Не магу спыніцца, каб перавесьці дых. Колькі гадоў я заганяў таго ваўкалака, а сёньня пашанцавала. Пачвара трапіла ў пастку, ды я параніў яе стрэлам. Бачу праз прыцэл, як кульгае.
Усё спрабавалі супраць яго. Сабакамі травілі, дык сабакаў забіваў. Сьцяжкі вешалі па лесе – празь іх скакаў як нічога ніякага. Зь верталёту спрабавалі высачыць, але таксама не даваўся, раптоўна хаваўся кудысь ды ўсё. А цяпер во, нібы ў жарт, у пастку на мядзьведзя зайшоў, якую хтосьці іншы паставіў раней.
Можа, падаецца мне, ці зьвер занадта дробны? Таму, мо, праз сьцяжкі пераскокваў, ды ўцякаў хутка. Няма часу разважаць, трэба бегчы.
Пачвара намагаецца згубіць мяне, але хуткасьці ёй не хапае, таму працягваю пагоню.
Імкліва скача, зараза. Страляю наўскід, мабыць, траплю. Зьвер цяўкнуў ад болю і кінуўся ў іншы бок.
Далей павінны быць круты схіл і прагаліна ў лесе, больш няма куды бегчы. Пад схілам – балота. Але я сам у гэтай частцы лесу ня быў ніколі.
Сэрца трымціць як перагрэты рухавік, але працягваю бегчы, інакш адчуе маю слабасьць ды адпомсьціць. Той ваўкалак хуткі ды моцны, як робат. Страху ў зьвера няма, хадзілі чуткі пра тое, як ён выскакваў наўпрост на стрэльбы паляўнічых. Усё было так раптоўна, што ніхто нават стрэліць не пасьпеў, як пачвара зьнікла, пакінуўшы два нябожчыка. Але ваўкалак цяпер губляе сілы, значна павольней рухаецца, ды, здаецца, разумее, што не дасьць рады мяне перахітрыць, бо я страляю хутчэй, чым ён можа бегчы з такімі ранамі.
За жывую пачвару дадуць больш грошай, але калі трэба будзе забіць, то хай так. Не з-за грошай раблю гэта. Спачатку было ў спорт, новае хобі. Бегаеш сабе з ружжом па лясах, абы гарэлку зь люстэркам ня піць. А потым раптам усё стала сур’ёзна, калі я павёў турыстаў на дзіка паляваць па гэтых мясьцінах. Знайшлі ваўкалака глыбока ў лесе, дзе яго ня мусіла быць, пакуль ён еў касулю. Я сказаў ім ціха сысьці як мага далей ад пачвары, бо патроны на дзіка супраць ваўкалака толькі поўсьць падрапаць могуць зь іхных дубальтовак турыстычных. Але яны мяне не паслухалі ды вырашылі стрэліць разам з розных бакоў. Азарт заглушыў голас розуму. Я марна спрабаваў іх адгаварыць ад гэтай справы, але калі яны канчаткова адмовіліся ды пайшлі акружаць ваўкалака, я ня стаў чакаць ды палез на дрэва. Турыстаў потым па кавалках зьбіралі. Ніхто зь іх нават ня крыкнуў. Пасьля таго я зусім гарэлку кінуў, бо як перакулю чарку, дык адразу іхныя прагрызеныя шыі ды адарваныя рукі ў вачах. Звольніўся тады з адвакацкай канторы ды пайшоў на поўны дзень у егерства.
Згубіў на імгненьне пачвару зь віду. Спужаўся, але зразумеў, што яна можа бегчы адсюль толькі наперад, бо па баках незаўважна не праскочыш праз гальлё ды сухое лісьце.
Сьвятлей стала, значыць, пагоня зацягнулася. Колькі ж энэргіі засталося ў ваўкалака? Я й сам ледзь трываю, але нельга пра гэта зараз думаць.
Гукі рухаў сьцішыліся, калі ваўкалак зьнік за тоўстымі дрэвамі. Здаецца, трапіў на паляну перад схілам, і больш няма куды падацца.
Выходжу на паляну. Ваўкалака нідзе ня бачна, толькі пасярэдзіне ляжыць жанчына, без адзеньня. У ейных чорных валасах шмат сьмецьця. На левам сьцягне кроў плыньню цячэ з раны, правая рука таксама пашкоджаная. Ледзь дыхае.
Разуменьне павольна прыходзіць да мяне. Пераверцень. Пасьля сьвітанку яна ператварылася ў чалавека наўпрост тут, за імгненьне перад тым, як я б яе загнаў.
Падыходжу бліжэй, трымаю зброю напагатове. Здаецца, яна без прытомнасьці. Побач заўважаю чорную сукенку, якая акуратна ляжыць разам з чорнымі ботамі ў кошыку. Магчыма, яна карысталася гэтай палянай для бясьпечнага ператварэньня на сьвітанку дагэтуль. Цікава, ці я выпадкова загнаў пачвару ў той кут, дзе яна заўсёды ператваралася? Але ж як мы раней не знайшлі гэтае месца?
Зашмат пытаньняў. Пакуль я тут разважаю, яна губляе шмат крыві. Дастаю з заплечніка бінтоў, жгутоў ды антысэптыку, ня зводжу погляд з жанчыны. Прамываю рану, накладаю кампрэс ды перавязваю сьцягно, потым пераварочваю яе ды аглядаю руку. Яна трапіла правай пярэдняй лапай у пастку, таму цяпер рука выглядае раздробленай, але костка цэлая. Таксама накладаю кампрэс ды бінты, шмат бінтоў. Яны імгненна чырванеюць.
Жанчына спрабуе паварушыцца і стогне. Я ўздымаю стрэльбу.
– Паляўнічы, – шэпча яна. – Кінь мяне…
Я сам не да канца разумею, чаму апрацаваў ёй раны, але ж не пакінуць параненую жанчыну паміраць сярод лесу. Няхай яна й забойца-ваўкалак. З гэтым хай судзьдзі вырашаюць, што рабіць.
Гляджу на навігатар. Да бліжэйшай вёскі далёка, ды й выклікаць кагосьці з джыпам немагчыма, ніхто не праедзе праз буралом. Значыць, трэба адшукаць месца, куды можна на машыне даехаць. Побач ёсьць палянка, роўна на мяжы балота, там, менавіта, ёсьць магчымасьць праехаць, але трэба спусьціцца да багны ўніз троху далей на захадзе. Але як данесьці жанчыну датуль?
Стан ейны не палепшыўся, але кроў быццам спынілася. Тым ня менш, бясьпечней яна ня стала. Дастаю вяроўку з заплечніка ды моцна зьвязваю ёй рукі ды ногі. Заўважаю старыя рубцы на руках, кулявыя раны, якія даўно загаіліся.
Пакуль яна зьвязаная, магу агледзецца. Унізе пад палянай схіл надта круты, сапраўды, ды й раўнютка вядзе ў глыбокую дрыгву. Там, дзе на мапе была палянка, бачу нейкую хату, схаваную за старымі елкамі. Бярвеньні ажно чорныя, дранка даху парасла імхом. Вокнаў ня бачна, але выглядае так, быццам ніхто там не жыве. Магчыма, зможам перачакаць там. Да хаты вядзе ледзь бачная сьцежка, прыхаваная травой.
Жанчына штосьці спрабуе сказаць, але не магу разабраць. Даю ёй крыху вады з пляшкі, яна жадна п’е ды зноў шэпча:
– Вяртайся да сваіх, паляўнічы, дай мне памерці.
– Годзе табе, дзяўчо, не марнуй сілы на гутарку.
– Навошта?..
Хіба я сам ведаю, навошта? Не адказваю, а закідваю яе сабе на плячо, як сноп, яна не супраціўляецца. Таксама падбіраю ейны кошык з адзеньнем. Жанчына нібыта нічога ня важыць. Невядома, дзе ў ёй хаваецца моц, каб разгрызаць стрэльбы ды адрываць рукі.
Сьвітанак нібы адчыняе для мяне закінутую сьцежку, яна становіцца больш заўважнай. Асьцярожна іду па ёй ды заўсёды правяраю, каб ня скінуліся вяроўкі.
Хвілін дзесяць заняў шлях да хаты. На ганку вісяць нейкія расьліны, якія хтосьці павесіў сушыцца, але яны ўжо спарахнелі. Перад ганкам стаіць лаўка, на якой ляжыць пакінуты фарфоравы кубачак для гарбаты. Дзьверы ў хату зачыненыя, але замка няма на іх. Вокны са шклянымі рамамі, таксама цэлыя, але фіранак няма. Увогуле, здаецца, што месца даўно закінутае, але нехта наведвае яго зрэдку.
Асьцярожна заходжу ў хату, як мага павольней. Унутры на дзіва чыста, старая драўляная мэбля нават пылам не пакрытая. Тут поўны набор: стол, стул, шафа, ложак, на адным баку хаты. Насупраць грубка невялічкая. На сьценах вісяць відарысы лясоў ды гор, як быццам нядаўна намаляваныя. Побач са сталом у куце стаіць мальбэрт, пусты. Ля дзьвярэй тырчыць самотны цьвік для коўдры, але на ім вісіць палітра. У хаце стаіць пах сьвежае фарбы.
У супрацьлеглым куце заўважаю вялізную клетку. Чорныя краты нават не кранутыя іржой. Унутры ляжыць прэлае сена ды сталёвая міска.
Кладу жанчыну-ваўкалака на стол, каб перавязаць раны зноў. Дзяўчына скрыгоча зубамі, пакуль здымаю бінты. Кроў ужо ня льецца так хутка, як раней, ды й раны выглядаюць чыстымі. Добры знак.
Як заканчваю з перавязкай, заўважаю вялізны замок на падлозе побач з клеткай. Ключ ляжыць побач. Сам замок выглядае цэлым, ня выбітым. Спадзяюся, сойдзе, каб стрымаць пачвару за кратамі.
Доўга ня думаю ды заношу жанчыну разам зь ейным адзеньнем у клетку, выходжу і зачыняю дзьверы на замок. Цяпер можна выдыхнуць.
Адразу дастаю спадарожнікавы тэлефон і паведамляю пра сытуацыю дыспэтчарам егерства, яны абяцаюць прыслаць машыну як мага хутчэй. Называю каардынаты ды скасоўваю выклік. Застаецца толькі чакаць. Лес праз акенца выглядае ня менш непралазным, але хоць меней буралому, таму праедуць як-небудзь.
Дзяўчына прыціхла, чую толькі, што дыхае роўна ды не варушыцца. Вырашаю кінуць ёй у клетку пачак печыва ды запасную пляшку з вадой.
Праз некалькі хвілін жанчына ў клетцы садзіцца на калені ды прыкрываецца сукенкай. Ейны погляд ясны, нібыта па-шляхетнаму ўпэўнены. Яна зусім маладая, гадоў дваццаць. Вочы сінія ды пранізьлівыя, востры нос, вузкія вусны. Чымсьці нагадвае лісу.
Нешта не сумяшчаецца ў маёй галаве ейны выгляд з тымі забойствамі, якія рабіў ваўкалак. Ды й занадта маладая яна неяк, бо чуткі пра крыважэрную пачвару ў лесе Магілёўскай вобласьці хадзілі даўно. Я ў школе яшчэ вучыўся, калі першы раз пра гэта даведаўся. А цяпер ужо самому гадоў столькі, што варта грошы на труну зьбіраць, а ня вось гэтае ўсё.
Дзяўчына зводзіць позірк у бок і кажа:
– Паляўнічы, мне б апрануцца…
Неяк я не прыкінуў адразу, што са зьвязанымі рукамі нельга сукенку апрануць.
– Не-не-не, даражэнькая, рукі табе разьвязваць ня буду. Сядзі пакуль так. Саромеесься, ці што?
– Ідзі ты ў сраку, паляўнічы. Халодна мне.
– Га. Зараз штось прыдумаю.
Ля грубцы ляжыць некалькі бярвеньняў, бяру іх ды распальваю агонь, між тым правяраю хуткім зыркам клетку. Дровы сухія, але дымаход даўно ня чысьцілі, таму полымя разгараецца павольна. Цеплыня напаўняе хату.
– Павінна хапіць, пакуль прыедуць за намі, – кажу.
Дзяўчына бярэ пакунак печыва ды зьядае яго ўвесь адразу, амаль што ў адзін укус.
– Трасца, як жа мне так лёс склаўся, – шэпча яна.
Раблю выгляд, што не адчуў. Каб не сумаваць, вырашаю штось спытаць.
– Як раны твае? Ці трэба памяняць бінты? Ці цэлыя косткі?
– Навошта ты мяне вылечыць вырашыў, падла?! – крычыць яна ў адказ. – Сам жа ледзь не прыстрэліў. Забіў бы адразу, атрымаў бы грошы, дык не, трэба катаваньні яшчэ ўстроіць. Быццам мала мне было. Каб ты здох, паляўнічы.
– Вой, калі так гучна крычаць можаш, тады ўсё загаілася ўжо. Калі б я ведаў, што паляваў на пераверценя ўсе гэтыя гады, то ня стрэліў бы, шчыра кажучы. Мы ўсе думалі, што дзікі зьвер забіваў людзей у лесе. Але ж вось яно як…
– Нічога ты не разумееш…
– Дакладна. Але трохі часу ў нас ё, можаш расказаць, што ды як.
– Не хачу.
– Можа, хоць на пытаньні адкажаш тады? – Сорамна прызнацца, але я зразумеў, што шмат чаго цікавіць мяне. Яно, мо, судзьдзі й разьбяруцца, але мне ня стане лягчэй, пакуль не даведаюся сам.
Дзяўчына маўчыць.
– Халера цябе бяры. Пытайся, – нарэсьце, кажа яна. – Жыцьцё ж выратаваў, усё-ткі.
– Дзякуй. Па-першае, як цябе зваць?
– Ня памятаю. Калі я ў выглядзе чалавечым ды хтось пытае, я кажу любое імя, каб толькі адчапіліся. А як мяне звалі спачатку, я забылася.
Я пачынаю здагадвацца, што ейная гісторыя ня з простых.
– Ты ведаеш гэтую хату? Бо я раней ніколі ня бачыў яе, на мапе таксама нічога няма, а ты быццам тут ужо была.
– Ня хлусіш, што ня ведаеш?
Паказваю ёй мапу на навігатары.
– Мы вось тут, дзе трохвугольнік сіні. На гэтым месцы толькі дрэвы, як бачыш. Бліжэйшая вёска выглядае вось так. – Гартаю мапу на поўнач, пакуль не дасягаю Пілешчынаў. Хаты выразна паказаныя квадратамі шэрага колеру. – Я гэты лес абыходзіў амаль што ўвесь, ды сам дапамагаў гэтую мапу ствараць. У гэтым куце ня быў ніколі, тут, менавіта, альбо хтосьці іншы схлусіў ды не дадаў гэтую хату на мапу, альбо насамрэч ніхто не хадзіў побач.
– Вось як…
Дзяўчына задумліва глядзіць у навігатар. У ейных вачах раптоўна зьявіліся сьлёзы, якія яна хутка выцерла сукенкай.
– Мяне стварылі менавіта тут. Калісьці я была проста лісой, але паляўнічыя забілі маю маці ды забралі мяне разам з іншымі шчанюкамі, каб прадаць. Нейкая старая жанчына выкупіла нас і прывезла сюды. Тая жанчына была ведзьмай. Розныя зельлі варыла, рытуалы праводзіла, штось такое. Тады яе цікавілі пераверцені, і яна хацела штучна аднаго стварыць. Паіла шчанюкоў нейкай брыдотнай вадкасьцю, рабіла ўкол чалавечай крыві і чакала. – Дзяўчына выдыхнула. – Ня ведаю, ці ёсьць увогуле словы, каб апісаць той боль, які я адчувала пад час ператварэньня. Так балюча больш не было ніколі. Усе астатнія памерлі, толькі я неяк зладзіла выжыць.
Яна спынілася, каб зрабіць глык з пляшкі.
– Я сядзела ў гэтай клетцы ўдзень, а ўначы ведзьма выпускала мяне ў лес. Я ня памятала нічога, што здаралася пад час ночы, бо ведзьма калола мне нешта ўвечары ды выпускала з клеткі, а раніцай я прачыналася са смакам крыві ў роце. Пасьля сьвітаньня ведзьма вучыла мяне размаўляць, апранаць адзеньне, чытаць-пісаць, усялякія чалавечыя рэчы. Не карміла. Час ад часу брала кроў. Але я ўсё роўна вярталася ў клетку. Так я вырасла тут. Калі ўжо была дарослай, у адну ноч я вярнулася ў прытомнасьць ды зразумела, што я ў форме лісы знаходжуся ў лесе. Магчыма, тая атрута, якую мне давала ведзьма, раптоўна выветрылася пасярод ночы. Я якраз грызла нейкаму чалавеку горла. Мне так агідна стала, што я стала як шалёная выць. Я здагадалася, што ведзьма павінна была мяне й раней на падобныя справы напраўляць. Нянавісьць да той ведзьмы пераважыла. Я вярнулася ў гэтую хату ды загрызла яе. Разарвала труп на кавалкі. Але потым есьці надта захацелася, таму зжэрла што пасьпела да сьвітанку. Чалавечае мяса агіднае, тады я ледзь дала рады. А потым удзень пахавала косткі. Адзін успамін пра чалавечыну цяпер выклікае ваніты, а ўначы магу есьці, калі ня ела нічога некалькі дзён.
– Трасца, – толькі й магу сказаць.
– Спачатку спрабавала жыць як ліса. Палявала ўначы ў лесе, выкопвала сабе норы. Але іншыя драпежныя зьверы выганялі мяне са сваіх тэрыторый, бо я ня ведала, дзе чыё, ды палявала паўсюль. А ўдзень хавалася дзе магла. Калі лясныя жывёлы мяне ледзь не забілі, стала выцягваць курэй зь вёсак. Не разумела сваю моц спачатку, замест таго, каб душыць, адрывала ім галовы. Гэта напужала сялян, таму сталі тады твае паплечнікі на мяне паляваць. Яны што толькі не ўжывалі, але не маглі злавіць. Як бы мне не хацелася усё гэта скончыць, прага выжываньня ад зьвера брала сваё. Толькі злавалася мацней на людзей. Стала ў адказ калечыць тых паляўнічых, хто калечыў мяне. Я адсюль уцякла як мага далей з намерам ніколі не вяртацца больш, але…
Яна замаўчала. Я ўспомніў пра мальбэрт.
– Але вярнулася ўсё роўна.
– Я калісьці ўцякала ад паляўнічых, ды выпадкова прыбегла сюды. Потым усё часьцей хавалася менавіта ў гэтым месцы. Таму й даглядала, каб хоць трохі ўтульна было, пакуль чакала наступную ноч. Прыхавала адзеньне на той палянцы, на выпадак, калі б не пасьпела ўцячы да сьвітанку. Стала маляваць, тым, што ў ведзьмы было. Кнігі чытала ейныя, але яны ўсе на растопку пайшлі.
– А чаму ня зьехала кудысь?
– Жахліва. Тут хоць ведаю, што ды як, а калі ў зусім іншым лесе апынуся? Альбо ў мястэчку бліжэйшым? Як мне жыць сярод людзей?
– А ты спрабавала? У вёсцы жыць, напрыклад?
– Думала пра гэта, але ж там не схавацца. Усе адно аднаго ведаюць, чужакоў не прымаюць, асабліва маладых дзевак, якія не старэюць.
– Зразумела. А дзе тая ведзьма… зрабіла цябе?
– Тут недзе быў уваход, ня памятаю. Побач з хатай. Я закапала яго, каб ня думаць пра тое месца ніколі зноў. Але ўсё роўна прыгадваўся ўвесь боль, які там са мной адбываўся.
Рацыя буркаціць, што пад’едзе машына праз хвіліну. Неўзабаве чуецца рухавік джыпа.
– Вось і таксоўка, пані, – жартую.
Яна кідае плашку ў мой бок. На мэталічнай сьценцы застаецца адбітак кратаў.
У хату ўваходзяць двое паляўнічых з аўтаматычнымі драбавікамі, маладыя ды моцныя. За імі зьбянтэжана стаіць паліцэйскі ў бронекамізэльцы. Праз вакно бачу ажно дзьве машыны, агромністы пікап егера ды сіне-белы гелендваген “Паліцыя Магілёў”.
– Дыспэтчар выклікаў паліцыю, ехалі з Чавусаў сюды, – тлумачаць калегі.
Паліцэйскі робіць здымкі дзяўчыны ў клетцы ды хаты. Ён разгублена дакранаецца да кабуры, як да крыжыка, кожны раз, калі глядзіць на клетку. Паляўнічыя таксама нэрвуюцца.
Ліса ляжыць нерухома, пакуль мы ўсе выносім клетку ды пакладаем яе на пікап.
Сонейка ўжо высока паднялося.
Як толькі пікап зьяжджае, я саджуся на зямлю ды выдыхаю, нарэсьце. Паліцэйскі пакуль застаецца, каб запоўніць пратакол. Пераказваю яму гісторыю дзяўчыны пад дыктафон. Ён робіць выгляд, што не спужаўся, але адразу ідзе да рацыі ў машыне ды гутарыць з дыспэтчарам. Чую толькі “код дзесяць-шэсьцьдзесят шэсьць”. Аднекуль зь мінулага прыгадваю расшыфроўку – запрашае дэтэктываў. Потым вяртаецца да мяне і просіць не распавядаць журналістам, пакуль самі не дадуць анонс.
Паліцыянт падвозіць мяне да Каменкі, адкуль я пачынаў паляваньне, ды зьяжджае ў Чавусы. А я доўга сяджу ў сваёй машыне ды гляджу ў нікуды.
Не памятаю, як даехаў да дому. Стрэльбу ў сэйф схаваў, астатні рыштунак кінуў ля дзьвярэй кватэры. Адкрыў ноўтбук, а ў паштовай скрынцы запыты на інтэрвію ад журналістаў ды выклік у бюро на допыт заўтра. Пішу ліст на звальненьне зь егерства ды гляджу на шуфляду, дзе прыхаваў бутэльку віскі.
Піліканьне апавяшчэньня вяртае мяне да манітора. Ліст ад мінулага кіраўніка. Піша, што ніхто ня хоча браць справу, якая прыйшла на грамадзкую абарону. Я магу ведаць падсудную, але фармальна канфлікту інтарэсаў няма. Прапануе мне вярнуцца да працы пад гэтую справу, на павялічаны бонус.
Зручна.